БЕЛАРУ́СКІ МУЗЕ́Й у Ляймене. Засн. ў 1982 у г. Ляймен (каля г. Гайдэльберг, Германія) бел. эмігрантам Ю.Попкам у яго кватэры. У арганізацыі музея дапамагалі мэр горада Г.Эрбар і Б.Кіт. У аснове экспазіцыі — асабістыя калекцыі і зборы Попкі. Дэманструюцца бел. адзенне, старыя пячаткі, манеты, маркі, вырабы майстроў-умельцаў, сувеніры, памятныя рэчы з асяродкаў бел. эміграцыі ў Англіі, Аўстраліі, ЗША, кнігі, перыяд. эміграцыйныя выданні (сярод іх рукапісныя часопісы, якія выдаваліся беларусамі ў лагерах для перамешчаных асоб у Нямеччыне). Пасля смерці Попкі (1992) музей знаходзіцца пад апекай мэрыі Ляймена.
М.Іваноў.
т. 2, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)